Божа, барані Беларусь!
Валерыя Чарнаморцава — арганізатар і экскурсавод краязнаўчых падарожжаў па беларускіх і замежных мясцінах, звязаных з айчыннай гісторыяй. Доўгатэрмінова займаецца тэмай сталінскіх рэпрэсій і ГУЛАГу. Нарадзілася 6 лістапада 1978 года ў Мінску. Абодва родзічы былі архітэктарамі, але бацька, які быў габрэем, з‘ехаў у Ізраіль яшчэ да нараджэння дзяўчынкі. Маці выхоўвала яе адна. На погляды і настроі маладой Валерыі паўплывалі класічная беларуская літаратура, песні спевака Данчыка, беларускамоўная бабуля, краязнаўчы гурток «Беларуская хатка». Як адмоўны прыклад паўздзейнічаў на яе настаўнік гісторыі, які адмаўляў усё беларускае, чым матываваў школьніцу гэтым цікавіцца. У 1996 годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт радыёэлектронікі на спецыяльнасць «эканамічны інфарматык». Пасля заканчэння вучобы працавала праграмістам на заводзе. Адначасова пачала арганізоўваць краязнаўчыя экскурсіі, і з цягам часу гэта стала яе асноўным заняткам. У межах праграмы «Пакаянне», арганізаванай партыяй Беларуская хрысціянская дэмакратыя, запісвала ўспаміны і сведчанні ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, былых вязняў савецкіх ГУЛАГаў і людзей, якія прайшлі праз турмы рэжыму Лукашэнкі. У 2023 годзе сама Валерыя была затрыманая на тры месяцы ў межах няспыннага пераследу ўдзельнікаў паслявыбарчых пратэстаў. У выніку ёй прысудзілі два з паловай гады хатняга арышту. Ёй удалося эміграваць, зараз жыве ў Літве ў Вільні. Вучыцца ў магістратуры Еўрапейскага гуманітарнага інстытута па спецыяльнасці «Развіццё культурнай спадчыны». Узорам свайго жыцця лічыць беларускую паэтку Ларысу Геніюш і вельмі ўсцешаная тым, што 9 жніўня 2024 года з рук абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай атрымала медаль імя Ларысы Геніюш. Актыўная праваслаўная хрысціянка, веру лічыць апорай у сваім жыцці.