Я веру ў шчаслівы канец
Максім Аляксандравіч Шчур нарадзіўся 5 cнежня 1977 г. у Берасці ў сям’і рабочага будаўнічага завода і банкаўскай работніцы. Вучыўся ў школе з паглыбленым вывучэннем гішпанскай мовы. Пад уплывам бацькі-літаратара яшчэ ў юнацтве стаў пісаць вершы, прычым пісаў іх па-беларуску, дзякуючы сям’і маці, якая нейкі час жыла ў эміграцыі ў Аргентыне і захавала несавецкую беларускасць. У школе меў актыўную грамадзянскую пазіцыю, яшчэ школьнікам стаў сябрам Таварыства Беларускай Мовы (ТБМ), выступаў на тэлебачанні, на мітынгах і сходах. У 1994 г. скончыў школу і паступіў у Мiнскi Дзяржаўны Лiнгвiстычны Универсiтэт на факультэт гішпанскай мовы. Падчас навучання ў Мінску далучыўся да анархісцкага руху, актыўна ўдзельнічаў у вулічных акцыях, за што быў арыштаваны на 5 сутак у сумнавядомым Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсьціна ў г. Мінску. У 1998 годзе пасля спробы вярбоўкі КДБ эміграваў у Чэхію, дзе атрымаў палітычны прытулак. Вучыўся ў Карловым Унiвэрсiтэце, да 2008 г. працаваў на беларускай службе «Радыё Свабода», затым да 2020 г. на тэлеканале «Белсат». Піша кнігі па-беларуску і па-чэшску, як вершы, так і прозу, перакладае на чэшскую мову. У 2016 г. атрымаў прэмію Гедройца за кнігу “Завяршыць гештальт”. Жанаты, мае дачку.